top of page

Наш музей                                

  Музей быў створаны ў 1968 годзе. (загад № 406 ад 10 снежня 1968 года). Яго стваральнікі - настаўніца гісторыі Несцяронак Н.І., вучні і настаўнікі школы.

 З успамінаў Несцяронак Ніны Іванаўны. "На лінейцы дырэктар школы Новік М.А. аб’явіў, што ў школе будзе стварацца музей, для яго патрэбны экспанаты. Якое здзіўленне было назаўтра, калі ўжо зранку каля школы стаяла каля дзясятка мяшкоў з разнастайнымі старымі рэчамі".

Адкрыты музей быў ўжо тады, калі дырэктарам школы працавала Гарбарчук Т.А. Размяшчаўся ён у невялікім пакоі на першым паверсе. У музеі знаходзілася багацейшая калекцыя старажытных манет. Асабліва каштоўнымі былі арабскія манеты, знойдзеныя недалёка каля Крэва.

Новыя ідэі, задумкі ў жыццё музея ўнёс В.М. Скварцоў, які з 1971 года з’яўляўся загадчыкам музея. Пад музей быў адведзены асобны кабінет. Амаль поўнасцю музей памяняў сваё аблічча ў 1998 годзе, калі загадчыкам музея стаў А.М. Камінскі. У апошнія гады загадчыкамі музея працавалі В.М.Шоць, С.Л. Капыш, І.Г.Ясінская. З 2007 г. загадчык музея –  М.А. Міхалькевіч.

З запісаў у “Памятнай кнізе”:

“Вельмі ўражаны музеем.Ён вельмі самавіты, цікавыя экспанаты і, што галоўнае, яны мясцовыя, сапраўдныя. Таму музей у поўнай ступені адпавядае свайму прызначэнню – ён на самай справе краязнаўчы.

А краязнаўцам з Крэва можна па-добраму пазайздросціць – гэтыя мясціны з цікавейшай, нават дзяржаўнай гісторыяй. Аказваецца, музей створаны людзьмі, якія па- сапраўднаму цікавяцца сваёй гісторыяй і добра яе ведаюць”

З павагай  Уладзімір Багданаў.      05.11.2005 г.      

Профіль музея – гісторыка-краязнаўчы. Займаемая плошча – 48 (кв.м)

Колькасць экспанатаў- 923, у т.л. асноўнага фонду – 681, дапаможнага фонду – 242. Экспазіцыя  складаецца з 15 раздзелаў, якія ахопліваюць гісторыю Крэва са старажытных часоў да нашых дзён. Экспазіцыя створана на аснове музейных прадметаў з уласных фондаў. Найбольшую цікавасць у наведвальнікаў выклікаюць старажытныя гаспадарчыя рэчы, прылады працы, калекцыі манет,саматканых ручнікоў і інш.

Дата прысваення звання “Народны музей”  - 20 снежня 2007 года.

Дата пацвярджэння звання- 25 чэрвеня 2013 года

Нальшанская зямля. Сталіца Крэва
І замак мур, які ўзняўся ў неба.
Сюды, ад жаху, гвалтаў і разбояў
збягаўся просты люд: шукаў спакою

Пагоркі прыгажосці небывалай
І землі, што належылі Ягайлу.
Гісторыя, што пісана крывёю…
Адкрыеш спрат – вякі перад табою.
Нямала ёсць мясцін у Беларусі
Ды толькі лёс з адной мяне звязаў.
Яна, як сонца, што наранку будзіць
Або – незамутнёная сляза.

Галіна Каравай
 

bottom of page