Першыя звесткі пра школу ў Крэве адносяцца да далёкага 1636 года. Пабудавана яна была разам з будынкам новага касцёла. У 1846 годзе было заснавана народнае вучылішча. На час яго адкрыцця тут налічвалася 70 вучняў і працавала двое выкладчыкаў. Пасля Першай сусветнай вайны польскімі ўладамі па вуліцы Багданаўскай была пабудавана новая школа. Выкладанне да 1939 года вялося на польскай мове. Падчас Другой сусветнай вайны крэўскі праваслаўны святар Міхаіл Леванчук дабіўся дазволу адкрыць у Крэве беларускую школу, у якой пачалі працаваць яго дачка Ларыса і пляменніца Валянціна. Аднак праіснавала школа нядоўга: у сакавіку 1944 года праціўнікамі беларускасці былі забіты настаўніцы і сам святар. Пасля вызвалення тэрыторыі раёна ад немцаў, ужо 6 ліпеня 1944 года прыступіў да працы Смаргонскі райаддзел адукацыі. У кароткі час у раёне пачалі працу 86 школ. Сярэдніх сярод іх спачатку было толькі тры: у райцэнтры, у Залессі і Крэве. Крэўская школа, як і за Польшчай, размяшчалася ў будынку на вуліцы Багданаўскай. Памяшканняў не хапала, некаторыя класы займаліся ў апусцелых за час вайны дамах у цэнтры Крэва. І толькі ў 1966 годзе, калі дырэктарам быў Мікалай Андрэевіч Новік, адчыніла дзверы новая двухпавярховая школа.
У 2010 годзе школа і дзіцячы сад рэарганізаваны ў адзіную дзяржаўную ўстанову адукацыі "Крэўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад-сярэдняя агульнаадукацыйная школа". 3 1 верасня 2011 - дзяржаўная ўстанова адукацыі "Вучэбна-педагагічны комплекс Крэўскі яслі-сад-сярэдняя школа". Дырэктар школы Капыш Таццяна Францаўна.