top of page

Экспазіцыя

Вітанне, Крэва! Праз стагоддзяў звёны
Амшэлыя, сівыя валуны,
Баронячы князёў літоўскіх троны,
Глядзяць лабаста з замкавай сцяны.
Якія рукі іх сюды скацілі,
Каб ацішэў напорлівы тэўтон?
І вось цяпер, змарнелыя ў бяссіллі,
Мячоў і дзідаў чуюць даўні звон.
Вятрамі далеч сцебане па сценах,
Учыніць з даўняй прошласці налёт.
І ластавак ва узнесеных антэнах
Раскатым гулам спудзіць самалёт.
І страпянецца Крэва ў іншым часе,
Свой белы дзень-душой прывеціць зноў.
Пад ім жывой былінай засталася
Сівая памяць вечных валуноў.
Мікола Мятліцкі
bottom of page