top of page

                                               Падзеі, што тут адбываліся на працягу стагоддзяў,

                                                               Мелі значэнне не толькі для самой вёскі,

                                                                  У іх – адлюстраваны лёсы ўсёй краіны.

                                                                                         Алег Дзярновіч, гісторык.

 

    Пачатак гісторыі Крэва губляецца ў глыбокай мінуўшчыне. Спачатку тут пражывалі балцкія плямёны. Пазней тут з’явіліся славяне-крывічы. Адносна паходжання назвы паселішча сказаць што-небудзь дакладна цяжка. Адны вучоныя звязваюць яе з тэрмінам “крыва-крывейтэ” – найменнем літоўскага вярхоўнага жраца-вешчуна. Беларускі даследчык Мікола Ермаловіч лічыў, што імя мястэчка з’явілася ў працэсе каланізацыі гэтых зямель племем крывічоў. Магчыма таксама, што назва паселішча ўтварылася ад літоўскага слова Krievi, што абазначае “дрыгва, балота”. Сапраўды, месца, дзе ўзнікла паселішча, да нядаўняга часу было моцна забалочаным. Мясцоваму насельніцтву даспадобы прыйшлася версія, што назва пайшла ад слова кроў. Быццам у далёкія часы ў гэтых мясцінах адбылося жорсткае пабоішча, пасля якога вада ў мясцовай рачулцы была чырвонай ад крыві. Рэчку назвалі Крыўлянкай, а паселішча, якое ўзнікла тут пазней, – Крэвам.  У выніку складаных этнічных і сацыяльных працэсаў на паўночным захадзе Беларусі ўзнікла раннедзяржаўнае ўтварэнне балцка-славянскага племені нальшаў - Нальшанская зямля. А Крэва ўзгадваецца ў нямецкіх кроніках XIII ст. як цэнтр Нальшан. Падобна, што якраз да гэтага перыяду (XII-XIII стагоддзі) належыць Крэўскае гарадзішча. Знаходзіцца яно на адлегласці 2,5 кіламетра на поўнач ад заходняй ўскраіны вёскі, акурат на шляху на Смаргонь, мае авальную пляцоўку 40x 20 метраў.

bottom of page