У кастрычніку 1920 Крэва ўвайшло ў склад дзяржаўнага ўтварэння Сярэдняя Літва, якое стварыў генерал Жылігоўскі.
18 сакавіка 1921 года быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор. У 1922 годзе Сярэдняя Літва ўвайшла ў склад Польшчы. Крэва, як і ўся Заходняя Беларусь, апынулася ў складзе гэтай дзяржавы.
Польскія ўлады пачалі праводзіць палітыку паланізацыі. Скарачалася колькасць беларускіх школ, спынялі дзейнасць беларускія часопісы і газеты. У Крэве, як і ў многіх іншых месцах Заходняй Беларусі, дзейнічалі ячэйкі Беларускай рабоча-сялянскай грамады, Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. А жыхары Крэва Уладзімір Страх, Пётр Страшкевіч за антыпольскую дзейнасць адбывалі пакаранне ў вядомай турме Лукішкі.
Нягледзячы на цяжкасці, жыхары Крэва хуткімі тэмпамі пачалі адраджаць разбураную вайной гаспадарку, добраўпарадкаваць мястэчка. будаваліся дарогі. З шырокім размахам праводзіліся кірмашы. У Крэва адрадзіў сваю працу паравы млын. Тут малолі муку, пілавалі дошкі, каталі сукно, выпрацоўвалі электрычнасць. Многія жыхары Крэва займаліся ганчарствам-традыцыйным крэўскім рамяством. У 1924 годзе тут працавалі ганчарныя курсы.
У той час у мястэчку мелася некалькі крам, атэлье. Былі два рэстараны, гасцініца. У 1929 годзе Крэва наведаў польскі прэзідэнт Ігнат Масціцкі. 17 верасня 1939 г. Крэва, як і ўся Заходняя Беларусь, увайшло ў склад Савецкага Саюза. На народным сходзе Заходняй Беларусі ў Беластоку дэпутатам ад Ашмянскага павету быў жыхар Крэва Пётр Страшкевіч.