top of page

      Распачаў будаўніцтва Крэўскага замка вялікі князь Гедымін. Аддаўшы ў 1338 годзе Крэва свайму сыну Альгерду, ён перадаў таму ў спадчыну і клопаты па будаўніцтву замка.

     Крэўскі замак узведзены ў даліне сярод высокіх пагоркаў, у месцы зліцця рэчкі Краўлянкі і ручая. 

    Замак у плане нагадвае няправільную трапецыю, звернутую большым аснаваннем у напольны бок. З усходу, поўдня, часткова захаду і поўначы замак бараніўся водамі рачулак, падпёртых плацінаю. Тут былі ўсяго дзве вежы, размешчаныя па дыяганалі. Аднак Крэўскаму замку ўласцівы некаторыя асаблівасці. Ён меў адну вялікую - Княжацкую - вежу («вежа Кейстута») памерамі 18,65х17 м, якая выступала ў паўночна-заходнім куце за перыметр замкавых муроў, фланкіруючы заходнюю і паўночную з брамай сцены. Тут было не менш трох паверхаў і склеп-турма. Вежа пры таўшчыні сцен 3 м унізе і 2,5-2,6 м на ўзроўні трэцяга паверха мела вышыню больш 25 м, таму што сёння ўцалелыя рэшткі яе дасягаюць вышыні каля 17,5 м.

       Другая вежа была меншых памераў. Хутчэй за ўсё, яе прыбудавалі пазней. Сцены замка ўзведзены з каменя. Звонку яны выкладзены цэглай. Уваход ў замак знаходзіўся з паўночнага боку. На замкавым двары размяшчаліся жылыя і гаспадарчыя пабудовы. У заходняй частцы знаходзіўся стаў з вадой.

      На працягу стагоддзяў замак з’яўляўся сведкай многіх важных гістарычных падзей. Асабліва бурна развіваліся яны тут на працягу XIV стагоддзя.

bottom of page