Першая сусветная прыйшла ў нашы мясціны ў 1915г. Тут расійская армія змагла астанавіць наступленне немцаў і замацавацца. Амаль тры гады праз нашу мясцовасць праходзіла лінія фронту.
Уласна аўтадарога Смаргонь – Крэва і была лініяй фронту паміж арміямі. Само ж Крэва было падзелена на дзве часткі рэчкай Крыўлянкай.
Крэўскі замак аказаўся на нямецкім баку. Як бачна на карце, яго старажытныя сцены былі фактычна ўбудаваны ў першую лінію германскай абароны. Пры гэтым размешчаныя па суседству каменныя храмы таксама аказаліся на перадавой, але па розныя бакі фронту: касцёл - на нямецкай, царква – на расійскай.
Само мястэчка быццам вымерла: яго жыхары вымушаны былі падацца ў бежанцы ўглыб Расіі. Увесь час тут ішлі пазіцыйныя баі. У чэрвені 1917 года каля Крэва бальшавіком Аганесавым было арганізавана адно з першых братанняў. 19 ліпеня 1917 года рускае камандаванне прыняло рашэнне аб прарыве лініі фронту. З пераменным поспехам баі працягваліся да 23 ліпеня. У гэтай аперацыі прымаў ўдзел і амаль поўнасцю быў знішчаны жаночы батальён смерці, якім камандавала Марыя Бачкарова. Усяго за чатыры дні страты з абодвух бакоў склалі 40 тысяч чалавек. Рускай арміі толькі на непрацяглы час ўдалося завалодаць нямецкімі пазіцыямі. 23 ліпеня немцы вярнулі іх назад. У хуткім часе ў Расіі адбылася кастрычніцкая рэвалюцыя. У Солах было падпісана перамір’е і ваенныя дзеянні былі спынены.
Падчас баёў Крэва было спустошана. Усе драўляныя пабудовы спалены, замест царквы св.Троіцы ляжала груда бітай цэглы, моцна пашкоджаны былі Аляксандра-Неўская царква і замак. І ў нашы дні на месцы былых баёў захаваліся паўразбураныя нямецкія бліндажы, акопы і варонкі ад снарадаў.
У паўночнай частцы Крэва знаходзіцца брацкая магіла рускіх воінаў. На ёй устаноўлены мемарыяльны камень і крыж.