У Крэве нарадзіўся і правёў свае дзіцячыя гады беларускі паэт і пісьменнік Уладзімір Някляеў.
Недалёка ад Крэва, у Арлянятах, нарадзіўся славуты сын Беларусі – Адам Станкевіч. Жывучы і працуючы каталіцкім святаром, ён адным з першых пачаў ужываць у богаслужэннях беларускую мову, заснаваў кнігадрукарню у Вільні, выдаваў часопіс “Хрысціянская думка”. Падчас сталінскіх рэпрэсій быў схоплены і сасланы у Сібір, там і знаходзіцца яго магіла. А ў Арлянятах на могілках пастаўлены помнік гэтаму палымянаму патрыёту.
Працягваў справу свайго земляка і Станіслаў Станкевіч. Паэт, кнігавыдавец, славуты дзеяч міжваеннай пары, дарэчы, у 1919 годзе працаваў сакратаром у Крэўскай гміне.
Таксама недалёка ад Крэва, у Чухнах, нарадзіўся Францішак Чарняўскі. Жывучы і працуючы за мяжой, ён рабіў усё для таго, каб беларускае слова гучала і за межамі краіны.
Жыхары Крэва памятаюць і шануюць імя свайго земляка – Пятра Іванавіча Грынкевіча. Настаўніка, старшыню сельскага камітэта па зборы звестак аб існуючых і загінуўшых помніках, які прадухіліў знікненне многіх з іх, выступаў з прапановамі стварыць у Крэве музей, але не быў падтрыманы мясцовымі ўладамі. Пасля смерці архіў Грынкевіча апынуўся ў Вільні.
З 1956 па 1958 год настаўнікам фізікі ў Крэўскай сярэдняй школе працаваў Міхаіл Аляксандравіч Мяльгуй. Доктор тэхнічных навук (1993 г.), прафесар (1995 г.). Заслужаны вынаходнік БССР (1990 г.).